31 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Пасол Рэспублікі Эквадор у Беларусі Карлас Ларэа Давіла выказаў зацікаўленасць у далейшым развіцці сумесных праектаў з беларускімі нафтавікамі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе аб'яднання "Беларуснафта".
Гэту заяву пасол зрабіў у Гомелі на сустрэчы з кіраўніцтвам аб'яднання, у час якой былі абмеркаваны пытанні бягучай і перспектыўнай работы ў гэтай лацінаамерыканскай краіне.
У ходзе візіту дыпламат азнаёміўся таксама з работай Цэнтра апрацоўкі, даследавання і захоўвання керна, цэнтра суправаджэння бурэння і некалькіх аддзелаў геалагічнага профілю, якія непасрэдна заняты ў суправаджэнні сумесных праектаў у Эквадоры.
Спецыялісты філіяла "Беларуснафта" ў Эквадоры па ўзгадненні з дзяржаўнай нафтагазавай кампаніяй
Petroamazonas EP паспяхова выканалі першы сейсмаразведачны кантракт на плошчы 1,5 тыс. кв.км. Цяпер ідзе падрыхтоўка да пачатку палявых сейсмаразведачных работ у аб'ёме 2 тыс. кв.км. Яшчэ адзін падпісаны кантракт прадугледжвае разведку, распрацоўку і здабычу нафты на блоку нумар 28, размешчаным на паўднёвым усходзе краіны ў правінцыі Пастаса. Тут беларускае прадпрыемства будзе працаваць у кансорцыуме з Petroamazonas EP і ENAP (Чылі).Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Кампанія займаецца пошукам, разведкай і распрацоўкай нафтавых радовішчаў, бурэннем свідравін, здабычай нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Венесуэлы, Эквадора.