26 кастрычніка, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўдзячны беларускаму боку за стварэнне ўмоў для работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. Аб гэтым ён сёння заявіў, выступаючы на I Форуме рэгіёнаў дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік украінскай дзяржавы расказаў, як беларускі лідар пайшоў яму насустрач у адказ на просьбу арганізаваць у Мінску перагаворы па спыненні ваеннага канфлікту. Затым - шматгадзінныя перагаворы. "У Мінску былі падпісаны дакументы, якія назаўсёды ўвойдуць у падручнікі дыпламатыі. Яны называюцца мінскімі пагадненнямі", - падкрэсліў Пётр Парашэнка.
"Ці давяраю я Лукашэнку? На 100 працэнтаў. І мы пра гэта сёння гаварылі", - заявіў украінскі лідар.
Паводле яго слоў, місія кіраўніка беларускай дзяржавы, як Беларусі ў цэлым, вельмі важная. "Трохбаковая кантактная група працуе ў Мінску. І Беларусь робіць усё, што можа, каб арганізаваць гэту работу, - сказаў Пётр Парашэнка. - Таму я хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу, беларускаму народу, Мінску".