24 жніўня, Кіеў /БЕЛТА - УКРІНФАРМ/. Альтэрнатывы мінскім дамоўленасцям для Украіны не існуе, за час дзеяння мінскіх дамоўленасцей загінулі ў сем разоў менш ваеннаслужачых, чым да таго. Аб гэтым прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў у час свайго выступлення на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды Дня Незалежнасці.
"Для Украіны не існуе альтэрнатывы мірнаму ўрэгуляванню. Таксама як і безальтэрнатыўнымі цяпер з'яўляюцца мінскія дамоўленасці, падтрыманыя рашэннем і Савета Еўрапейскага саюза, і Савета Бяспекі ААН. За час іх дзеяння, з лютага, загінулі ў сем разоў менш ваеннаслужачых, чым да таго", - сказаў Парашэнка.
Прэзідэнт Украіны паведаміў, што краіна ў далейшым будзе нарошчваць расходы на Узброеныя сілы, павялічваць грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых і ўзмацняць кантрактны складнік. "Паабяцаць адмены прызыву і адсутнасць новых хваль мабілізацыі не магу", - заявіў Парашэнка.