11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун вітаў "інтэнсіўныя дыпламатычныя намаганні" па пераадоленні ўкраінскага крызісу і выказаў надзею, што запланаваныя на 11 лютага сустрэчы па Украіне ўвянчаюцца поспехам. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Цэнтр навін ААН.
"Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун вітаў інтэнсіўныя дыпламатычныя намаганні, прызначаныя забяспечыць трывалае і доўгачасовае спыненне агню на ўсходзе Украіны і рэалізацыю мінскіх дамоўленасцей", - заявіў прэс-сакратар ААН на брыфінгу ў Нью-Ёрку.
Пан Гі Мун выказаў надзею на тое, што сустрэча на высокім узроўні ў "нармандскім фармаце", а таксама сустрэча трохбаковай кантактнай групы прывядуць да таго, што бакі пацвердзяць свае абавязацельствы спыніць гэты разбуральны канфлікт на аснове павагі да суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.