18 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Сербія будзе інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч сёння ў інтэрв'ю БЕЛТА і Белтэлерадыёкампаніі ў час візіту ў Мінск.
Таміслаў Нікаліч нагадаў, што сустракаўся з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам адразу пасля ўступлення на сваю прэзідэнцкую пасаду і тады была дасягнута дамоўленасць аб інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння, асабліва эканамічнага. "І гэтыя дамоўленасці прывялі да канкрэтных вынікаў", - сказаў ён. Разам з гэтым Прэзідэнт Сербіі канстатаваў, што, на жаль, апошнія год-паўтара з-за сусветнага эканамічнага крызісу адбыўся некаторы спад і ў беларуска-сербскіх эканамічных адносінах.
Акрамя таго, сербскі лідар падкрэсліў, што цяпер вядуцца інтэнсіўныя перагаворы аб актывізацыі сувязей, у прыватнасці, пашырэнні прысутнасці беларускіх прадпрыемстваў на сербскім рынку і сербскіх у Беларусі. Гэта датычыцца ў тым ліку сельскай гаспадаркі, прамысловасці, дзе, на думку сербскага боку, ёсць перспектывы выхаду на рынкі трэціх краін.
"Мы будзем ажыццяўляць інтэнсіфікацыю нашых двухбаковых эканамічных адносін", - заявіў прэзідэнт Сербіі. Што датычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, ён звярнуў увагу на супадзенне поглядаў дзвюх дзяржаў на многія пытанні міжнароднага парадку дня. "Няма ніякіх перашкод для дынамічнага росту нашага супрацоўніцтва. Сербія ў роўнай ступені лічыць важным развіццё адносін і на Захадзе, і на Усходзе, але відавочна, што большае разуменне і дружбу знаходзіць усё ж на Усходзе", - лічыць Таміслаў Нікаліч.