19 верасня, Івацэвіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Вучэнне "Захад-2017" мае адкрыты характар, на ўсе пытанні наглядальнікі атрымліваюць поўныя адказы, заявіў 19 верасня журналістам на палігоне Даманава міжнародны наглядальнік са Швецыі падпалкоўнік Томас Мёлер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У складзе групы прадстаўнікоў з Эстоніі, Латвіі, Літвы, Швецыі, Нарвегіі, Украіны і Польшчы Томас Мёлер назіраў за другім этапам сумеснага стратэгічнага вучэння "Захад-2017" на 174-м палігоне ВПС і войскаў ППА Даманаўскі. "Я не сказаў бы, што вучэнне "Захад-2017" уяўляе нейкую пагрозу суседзям Беларусі. Трэба адрозніваць вайсковыя вучэнні ад чагосьці іншага", - сказаў падпалкоўнік.
Ён расказаў, што сам быў артылерыстам у час службы ў Швецыі, таму з вялікім інтарэсам назіраў за вучэннямі на палігоне Даманаўскі. "Мы бачылі ў рабоце некалькі сродкаў ППА і ракетных выстралаў у рэжыме рэальнага часу. Гэта ўражвае. Усе цэлі былі паражоны даволі прафесійна", - ацаніў убачанае наглядальнік.
Паводле слоў Томаса Мёлера, вучэнне праходзіць даволі транспарэнтна. "На ўсе пытанні, якія мы задаём, атрымліваем поўныя адказы", - адзначыў ён.
Калегу падтрымаў прадстаўнік Эстонскіх абарончых сіл падпалкоўнік Кіс Каўпа. "Гэта звычайныя вучэнні, кожная краіна можа іх праводзіць", - дадаў ён.
19 верасня на 174-м вучэбным палігоне задачы адпрацоўвала змешанае падраздзяленне ў складзе зенітнага ракетнага дывізіёна С-300 і зенітнай ракетнай батарэі "Аса" ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі вайсковай ППА. Згодна з задумай вучэння, змешанае падраздзяленне ўдзельнічала ў адбіцці групавых удараў авіяцыі праціўніка, якія імітаваліся палётамі двух верталётаў Мі-8 і чатырох самалётаў Як-130. Баявую стральбу па паветраных мішэнях паспяхова ажыццявілі дзве пары баявых машын "Аса" і разлікі ЗРК "Ігла".
У сумесным вучэнні быў задзейнічаны асабовы склад разлікаў у колькасці 150 чалавек і 45 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
У асвятленні вучэння прынялі ўдзел амаль 50 журналістаў з Германіі, Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны, Расіі, краін Балтыі.