14 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Адкрытыя парламенцкія слуханні "Партнёрства галін улады як неабходная ўмова паспяховага дасягнення Мэт устойлівага развіцця", якія 19 снежня адбудуцца ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, пройдуць на гэту тэму ў Беларусі ўпершыню. Гэта адзначыў сёння на брыфінгу ў Мінску начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасяджэнне будзе прысвечана пытанням узаемадзеяння на нацыянальным і міжнародным узроўнях па рэалізацыі Парадку дня ўстойлівага развіцця да 2030 года і дасягненні Мэт устойлівага развіцця як неад'емнай часткі гэтага парадку. "Слуханні на гэту тэму праводзяцца ў гісторыі Беларусі ўпершыню. У іх прымуць удзел прадстаўнікі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, члены ўрада, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, міжнародныя эксперты, кіраўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпмісій, у тым ліку прадстаўнікі міжнародных арганізацый", - сказаў Дзмітрый Мірончык.
З боку МЗС на мерапрыемстве выступіць намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас. Ён раскажа аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы МУР як інструменце знешняй палітыкі. У выступленні будуць закрануты намаганні Беларусі ў кантэксце глабальнага дасягнення Мэт устойлівага развіцця і перспектывы міжнароднай дзейнасці краіны ў гэтай галіне, а таксама прапанаваны практычныя крокі ў такім напрамку.
Як паведамлялася, па выніках парламенцкіх слуханняў будуць вызначаны прыярытэтныя напрамкі далейшай дзейнасці па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі, падрыхтаваны адпаведныя рэкамендацыі дзяржорганам і зацікаўленым арганізацыям і аб'яднанням.
Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года дзяржавы - члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату.
Беларусь ужо зрабіла шэраг важных крокаў для дасягнення МУР. Урадам адобрана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года. Кіраўніком дзяржавы назначаны нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР - намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна. Выбудавана Нацыянальная архітэктура па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. У яе складзе Савет па ўстойлівым развіцці, парламенцкая група па МУР, а таксама партнёрская група ўстойлівага развіцця.