17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапануе спрасціць візавы рэжым для грамадзян паспяховых у міграцыйным плане дзяржаў, паведаміў сёння на калегіі дэпартамента па турызме міністэрства яго дырэктар Вадзім Кармазін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым плане ўжо шмат зроблена - уведзены трохдзённы бязвізавы рэжым для наведвання Белавежскай пушчы, пэўныя меры прыняты для прыцягнення арганізаваных турыстычных груп кітайцаў, пачаў працаваць бязвізавы рэжым з Ізраілем і Турцыяй. Цяпер ёсць прапановы спрасціць візавы рэжым для грамадзян паспяховых у міграцыйным плане краін", - адзначыў Вадзім Кармазін.
Паводле яго слоў, курс на лібералізацыю візавага рэжыму прадугледжаны і праектам дзяржаўнай праграмы "Беларусь гасцінная" на 2016-2020 гады, які ўнесены на разгляд у Савет Міністраў.
У праекце дзяржпраграмы мэтавымі экспартнымі рынкамі ў плане турызму названы Расія, Заходняя і Усходняя Еўропа, Кітай, В'етнам, Ізраіль, Турцыя. Прапануецца больш актыўна пашыраць магчымасці краіны ў інтэрнэце, у тым ліку з дапамогай адзінага турыстычнага партала.
У планах на пяцігодку - развіццё сеткі турыстычных інфацэнтраў у рэгіёнах і за мяжой, у тым ліку на базе замежных устаноў і замежных прадстаўніцтваў беларускіх кампаній, і ўдасканаленне збору статыстычнай інфармацыі. Для гэтага будуць укаранёны сатэлітныя (дапаможныя) рахункі, што дапаможа атрымаць дакладныя даныя аб сукупным укладзе турызму ў эканоміку.
У дзяржпраграме таксама прапануецца распрацаваць новыя прынцыпы і падыходы да фарміравання і папулярызацыі нацыянальнага турыстычнага прадукту (у першую чаргу, маецца на ўвазе стварэнне дакладнай сістэмы кіравання галіной).
Акрамя таго, да другога чытання рыхтуецца абноўлены закон аб турызме.