9 верасня, Мілан /Наталля Злотнік - БЕЛТА/. Мінск адыгрывае важную дыпламатычную ролю ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Аб гэтым заявіў сёння прэзідэнт Фонду міжнароднага супрацоўніцтва, былы прэм'ер-міністр Італіі Рамана Продзі ў час панэльнай дыскусіі "Беларусь: еўрапейскі партнёр - еўразійскі рынак", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Невыпадкова перагаворы па Украіне праходзяць менавіта ў Мінску. Гэтым прызнаецца, што гэты складаны дыпламатычны пасьянс лягчэй за ўсё вырашаць менавіта ў Беларусі", - адзначыў Рамана Продзі. Разам з тым, італьянскі палітык звярнуў увагу, што некаторыя недаацэньваюць складанасць украінскага канфлікту.
Паводле яго слоў, Беларусь можа стаць не толькі транспартным і эканамічным мостам паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам, але і інтэлектуальным. "Беларусь сёння адчувае сябе часткай Еўропы, а значыць, гатова супрацоўнічаць з еўрапейскімі партнёрамі больш", - лічыць Рамана Продзі.
Дыскусія "Беларусь: еўрапейскі партнёр - еўразійскі рынак" праходзіць сёння на Міланскай фондавай біржы, у ёй прымаюць удзел амаль 250 беларускіх і італьянскіх прадстаўнікоў бізнесу і органаў дзяржкіравання.