9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за канструктыўнае супрацоўніцтва з МВФ, заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з выканаўчым дырэктарам МВФ ад групы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Мікаэлай Эрбенавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Актыўнае членства ў МВФ - тое, чым трэба даражыць, і неабходна ўдасканальваць нашы ўзаемаадносіны. Беларусь выступае за канструктыўнае супрацоўніцтва з фондам, у нас няма базавых супярэчнасцей, базавыя падыходы супадаюць", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Ён павіншаваў Мікаэлу Эрбенаву з высокім назначэннем і нагадаў, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам МВФ з 1992 года. Паводле яго слоў, для краіны важна кансультатыўная і экспертная дапамога спецыялістаў фонду, і па асноўных пытаннях трэба ўзгадніць крокі насустрач адзін аднаму.
Мікаэла Эрбенава выказала ўдзячнасць за магчымасць такой сустрэчы і адзначыла, што заўсёды з задавальненнем бывае ў Беларусі. "Мне прыемна, што цяпер я ў новай якасці, гэта дае мне магчымасць далей працаваць з рэспублікай і старацца найлепшым чынам прадставіць спецыфіку беларускай эканомікі. Меры па стабілізацыі, якія за апошнія два з палавінай гады прыняты ўрадам і Нацыянальным банкам, станоўча ацэньваюцца МВФ", - адзначыла яна.
Місія МВФ працуе ў Беларусі з 26 кастрычніка па 10 лістапада ў рамках кансультацый па артыкуле IV. На кансультацыях абмяркоўваецца эканамічная палітыка ў краіне.
Міжнародны валютны фонд з'яўляецца спецыялізаванай установай ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне (ЗША). Галоўнай функцыяй фонду з'яўляецца выдача крэдытаў дзяржавам для кампенсацыі дэфіцыту плацежнага балансу, якая, як правіла, звязваецца з комплексам рэкамендаваных МВФ мер па аздараўленні эканомікі. МВФ таксама аказвае Беларусі тэхнічную дапамогу ў шэрагу галін, такіх як дзяржаўныя расходы, казначэйства, падатковая і мытная служба, банкаўскі нагляд, грашова-крэдытная палітыка і арганізацыя цэнтральнага банка, а таксама ў галіне статыстыкі. У 1992 годзе ў Мінску адкрыта прадстаўніцтва МВФ.