26 кастрычніка, Люксембург /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларусь павінна рэгулярна прысутнічаць ва ўсіх сусветных фінансавых цэнтрах. Такое меркаванне выказаў 26 кастрычніка журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА аб значнасці правядзення Беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму, які адбудзецца 27 кастрычніка ў Люксембургу.
"Інвестыцыйныя форумы трэба праводзіць. На жаль, Беларусь пакуль малавядома. Прычын шмат, тым не менш мы вырашаем гэту праблему, мы адкрываемся свету. Таму дыялогавыя пляцоўкі павінны быць, і пляцовак павінна быць шмат. Мы павінны прысутнічаць ва ўсіх фінансавых цэнтрах. І прысутнічаць рэгулярна", - адзначыў Васіль Мацюшэўскі.
Ён падкрэсліў, што традыцыйна Еўрапейскі саюз з'яўляецца для Беларусі адным са стратэгічных партнёраў у гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве. "Чаканні ад Беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму даволі высокія. Заяўлена вялікая колькасць удзельнікаў, павінЕН атрымацца даволі змястоўны парадак дня", - расказаў першы віцэ-прэм'ер.
У прыватнасці, паводле слоў Васіля Мацюшэўскага, плануецца абмеркаваць рэалізацыю інвестпраектаў, у тым ліку супрацоўніцтва ў лагістычнай сферы. Адной з тэм стане перспектыва ўдзелу еўрапейскага бізнесу ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".
Галоўнай мэтай Беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму з'яўляецца стварэнне эфектыўнай і арыентаванай на вынік рознаўзроўневай пляцоўкі для наладжвання ўстойлівага ўзаемадзеяння беларускіх крэдытна-фінансавых устаноў і суб'ектаў гаспадарання з еўрапейскімі партнёрамі і пашырэння моцных, шмат у чым унікальных бакоў беларускай эканомікі (IT, лагістыка) сярод заходніх дзелавых колаў.
Люксембург з'яўляецца вядучым у Еўропе і другім у свеце пасля ЗША інвестыцыйным цэнтрам. У краіне з насельніцтвам крыху больш за 500 тыс. чалавек налічваецца каля 3,9 тыс. інвестфондаў і 143 банкі. Сукупны капітал люксембургскай фінансавай сістэмы складае больш за 740 млрд еўра.
Іншым стратэгічным напрамкам развіцця Люксембурга з'яўляюцца IT-тэхналогіі. Краіна прэтэндуе на лідарства ў Трэцяй прамысловай рэвалюцыі, у аснову якой пакладзены лічбавыя тэхналогіі. Зручнае геаграфічнае размяшчэнне Люксембурга дало магчымасць прыцягнуць германскія, французскія, бельгійскія і нідэрландскія кампаніі для ўдзелу ў рабоце форуму.