22 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі ёсць свая школа дыпламатыі. Аб гэтым заявіў 22 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Школа беларускай дыпламатыі ў нас ёсць. Адкрыццё ў свой час у Беларускім дзяржаўным універсітэце факультэта міжнародных адносін, дзе куюцца кадры беларускай дыпламатыі, сведчыць пра многае. Гэта фактычна наша дыпламатычная акадэмія", - падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. Пры гэтым ён адзначыў, што дыпламатычная навука не стаіць на месцы, яна адаптуецца да сучасных умоў, удасканальваецца.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што галоўная задача дыпламата - выконваць стратэгічныя ўстаноўкі кіраўніцтва дзяржавы, а таксама прымаць адэкватныя рашэнні, часам жорсткія, часам з пошукам кампрамісу. "У аснове павінны быць дзяржаўныя інтарэсы", - заявіў міністр.
22 студзеня ён прыняў удзел у мерапрыемствах да 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы - адкрыцці фотадакументальнай выстаўкі і гашэнні паштовага блока.