17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь за гады незалежнасці сфарміравала пазітыўны імідж на сусветнай арэне. Аб гэтым сёння заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на сустрэчы ў МЗС з маладымі беларускімі дыпламатамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За два дзясяткі гадоў незалежнага існавання Беларусь стала пазнаваемай ва ўсім свеце, яна асацыіруецца з пазітывам, адзначыў Уладзімір Макей. Так, краіна ўносіць важны ўклад ва ўмацаванне сусветнай стабільнасці і бяспекі. Сённяшнія поспехі дасягнуты і дзякуючы намаганням беларускай дыпламатыі.
Уладзімір Макей нагадаў, што 17 снежня гэтага года спаўняецца 95 гадоў з дня стварэння Народнага камісарыята па замежных справах. З гэтай нагоды ў МЗС сёння запрасілі ўсіх міністраў замежных спраў з часоў аб'яўлення незалежнасці Беларусі, у тым ліку Пятра Краўчанку, Уладзіміра Сянько, Івана Антановіча, Урала Латыпава, Міхаіла Хвастова, Сяргея Мартынава. Як падкрэсліў цяперашні кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, усе яны ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускай дзяржавы. Сваім вопытам карыфеі дыпслужбы падзяліліся з маладымі дыпламатамі Беларусі.