4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова прыкласці максімум намаганняў для вырашэння турэцка-расійскага канфлікту. Аб гэтым у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе БЕЛТА.
"Беларусь нікому не збіраецца навязваць пасрэдніцкія паслугі. Але мы зыходзім з таго, што націск адзін на аднаго і санкцыі - гэта не метад вырашэння праблем у міждзяржаўных адносінах. Што датычыцца апошніх рознагалоссяў паміж Расіяй і Турцыяй, я ўпэўнены, што рана ці позна ўдасца вырашыць гэты канфлікт", - сказаў Уладзімір Макей.
Паводле слоў дыпламата, кіраўніцтва Беларусі выказвала свой пункт гледжання на турэцка-расійскі канфлікт лідарам абедзвюх краін. "Мы не можам прымусіць бакі дзейнічаць так, як нам хацелася, але маем права выказаць свой пункт гледжання. Мы зацікаўлены ў тым, каб канфлікт быў урэгуляваны як мага хутчэй, і гатовы, калі спатрэбіцца, прыкласці максімум намаганняў для гэтага. Гэтак жа, як мы робім па Украіне", - адзначыў міністр.