24 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора сёння ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам з нагоды завяршэння яе дыпламатычнай місіі ў краіне адзначыла, што пакідае Беларусь на хвалі паляпшэння адносін з Еўрасаюзам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Жадаю, каб адносіны такімі заставаліся і ў далейшым, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе", - сказала Майра Мора.
Яна падзякавала Прэзідэнту Беларусі за высокую ацэнку яе дыпламатычнай дзейнасці. Адносна сваёй пераемніцы Майра Мора падкрэсліла: "Я пакідаю сваю любімую Беларусь у вельмі добрых руках".
Майра Мора лічыць падарункам лёсу той факт, што двойчы працавала ў Беларусі: першапачаткова паслом Латвіі ў Беларусі, а потым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС. "Я бачыла розную Беларусь і ў розныя часы была ў Беларусі", - адзначыла яна.
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС лічыць важным, што цяпер адносіны Беларусі і ЕС паляпшаюцца. "Мая прафесія - дыпламат. Размовы, кантакты - гэта наша зброя. Трэба не адгароджвацца, а, наадварот, абмяркоўваць усё, нават вострыя пытанні, што я гэтыя гады і рабіла", - сказала Майра Мора.