1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна і дружалюбны народ гэтай краіны з нацыянальным святам - Днём абвяшчэння КНР. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Упэўнена набліжаючыся да 70-гадовага юбілею стварэння новага Кітая, кіраўніцтва і грамадзяне краіны дэманструюць цвёрдую рашучасць дабіцца пабудовы працвітаючай, стабільнай і перадавой дзяржавы. З кожным днём Кітайская Народная Рэспубліка ўскладае на сябе ўсё большую адказнасць за лёс сваіх саюзнікаў, з якімі сумесна ажыццяўляе рэалізацыю маштабнага праекта "Пояс і шлях", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем выйшлі на новы віток развіцця.
У рамках рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у час сустрэчы двух лідараў у Цындаа 10 чэрвеня 2018 года, Аляксандр Лукашэнка запрасіў Сі Цзіньпіна прыняць удзел у глабальным форуме "Адзін пояс, адзін шлях", які плануецца правесці ў 2019 годзе ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". "Буду шчыра рады вашай прысутнасці на гэтым знакавым міжнародным мерапрыемстве. Упэўнены, гэта падзея надасць дадатковы імпульс рэалізацыі ініцыятывы "Пояс і шлях", - падкрэсліў Прэзідэнт.