28 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці падумаць пра больш сур'ёзную наземную абарону БелАЭС. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння, заслухоўваючы даклад аб ваенна-палітычнай абстаноўцы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановах па рэагаванні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што палігон Пабрадэ ў Літве, куды перакідваецца амерыканскі воінскі кантынгент, у прыватнасці бранятанкавыя сілы, знаходзіцца літаральна за некалькі кіламетраў ад Беларускай атамнай станцыі. "Таму трэба быць тут акуратней. Не дай бог, другі Чарнобыль. Еўропа яго не перажыве", - папярэдзіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў Беларусі добра абаранілі атамную станцыю з паветра. "Мы там стварылі цэлы проціпаветраны полк з найноўшым узбраеннем - "Тор-М2" (зенітны ракетны комплекс. - Заўвага БЕЛТА) - нядаўна закупілі і перакінулі туды. Нашы ваенныя валодаюць гэтай зброяй дасканала", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, заявіў Прэзідэнт, трэба падумаць і пра больш сур'ёзную наземную абарону АЭС. Аляксандр Лукашэнка пры гэтым выказаў упэўненасць, што ў Літве разумеюць: калі раптам здарыцца няштатная сітуацыя на атамнай станцыі, то мала не падасца па абодва бакі граніцы. "Вось гэта трэба мець на ўвазе", - сказаў ён.