8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Х Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі" ўнясе важкі ўклад ва ўмацаванне даверу паміж краінамі. Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні, якое Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам форуму, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Сёлетні форум праводзіцца ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Гэта наша агульная гісторыя, якую мы абавязаны ахоўваць і абараняць ад спроб перагляду і фальсіфікацыі, - гаворыцца ў прывітанні. - У той страшнай вайне мы змаглі выстаяць, таму што былі разам. І сёння таксама павінны быць адзіныя ў шчырым імкненні да міру і ўзаемаразумення".
"Сродкам масавай інфармацыі, усведамляючы сваю гістарычную адказнасць перад грамадствам, неабходна заняць у гэтых працэсах канструктыўную пазіцыю", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што гэты медыяфорум унясе свой важкі ўклад ва ўмацаванне даверу і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі.