8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу абазначыў задачы сілавых ведамстваў краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы маладое, адукаванае і энергічнае папаўненне, здольнае ўнесці свой уклад ва ўмацаванне ваеннай арганізацыі дзяржавы. Выпускнікам Узброеных Сіл трэба павышаць вывучку і зладжанасць органаў кіравання і войскаў, абучаць падначаленых сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што сур'ёзным экзаменам на прафесійную сталасць для афіцэраў ужо ў бліжэйшы час стане сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2021". Гэта будзе чарговы значны крок у падрыхтоўцы Узброеных Сіл і ўдасканаленні дзеючай сістэмы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Галоўная задача супрацоўнікаў органаў унутраных спраў - забеспячэнне грамадскага парадку ў краіне. Прыярытэтамі тут застаюцца далейшае павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі пры выкананні задач у асаблівых умовах, захаванне законнасці і справядлівага стаўлення да грамадзян", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Асноўную ўвагу дзейнасці сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях неабходна сканцэнтраваць на павышэнні эфектыўнасці работы па папярэджанні пажараў, аварый і прадухіленні гібелі людзей ад іх, падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў сучасных умовах работнікі МНС павінны быць гатовы да ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якія могуць узнікнуць у выніку дэструктыўных дзеянняў і экстрэмісцкіх праяўленняў.
"Выпускнікам-пагранічнікам трэба забяспечыць надзейную абарону і ахову Дзяржаўнай граніцы. Гэта сёння вельмі актуальна. З улікам нарастання ваеннай актыўнасці ля граніц Беларусі, павелічэння колькасці правакацый з боку сумежных дзяржаў, росту трансгранічнай злачыннасці неабходна падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці і падрыхтоўкі асабовага складу, своечасова выяўляць, спыняць проціпраўную дзейнасць на пагранічных рубяжах", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Асноўнымі задачамі афіцэраў спецслужбаў Аляксандр Лукашэнка назваў своечасовае выяўленне падрыхтоўкі актаў тэрарызму, экстрэмізму, масавых беспарадкаў, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і прыняцце мер па іх нейтралізацыі, прадухіленне спроб нанясення дэструктыўнымі сіламі ўрону эканоміцы і іншым сферам дзейнасці дзяржавы, а таксама забеспячэнне мірнага і стваральнага жыцця ў краіне.
"Вы, афіцэры, выбраўшы шлях служэння нашай Айчыне, узялі на сябе велізарную адказнасць. Гэта ваша місія, ваш жыццёвы шлях, які вы выбралі свядома. Вельмі хацелася б, каб вы былі дастойны пачэснай работы - Радзіму абараняць. У вашай асобе я хацеў бы прывітаць усіх, хто ў сваім жыцці выбраў гэты нялёгкі, але высакародны ваенны шлях", - заявіў Прэзідэнт.