3 снежня, Бялград /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Асаблівасцю беларуска-сербскіх адносін з'яўляецца тое, што краіны ніколі не ставілі адзін аднаму папярэдніх умоў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асаблівасць нашых адносін у тым, што мы ніколі не ставілі адзін перад адным папярэдніх умоў. Мы сябры, мы проста родныя людзі. І гэта найвялікшая і сумленная аснова нашага супрацоўніцтва", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Сербія і Беларусь не гіганцкія дзяржавы і не маюць велізарных рэсурсаў, якімі валодаюць глабальныя ігракі, напрыклад, Расія або Злучаныя Штаты Амерыкі. Абедзве краіны зарабляюць даброты сваім потам, а часам і крывёй, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Многія малыя, сярэднія дзяржавы (я гэта за сваё доўгае прэзідэнцкае жыццё бачыў не адзін раз) заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, таму што яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх не хапае ў нас. Але мы не павінны забываць аб тым, што любыя імперыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі не будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоў, яны абавязкова нешта папросяць узамен, нават яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы", - канстатаваў беларускі лідар.