2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаянныя рэфармаванні сферы адукацыі павінны быць спынены. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тут і цяпер неабходна сфармуляваць механізм работы сферы адукацыі на перспектыву. "Пастаянныя рэфармаванні і ўдасканаленні пасля сённяшняга абмеркавання павінны быць спынены! Акрамя падручнікаў. Якія вы будзеце ўдасканальваць, рэфармаваць, новыя пісаць, старыя мадэрнізаваць", - сказаў ён.
"Наогул, гэта ўжо абурае нашых людзей (частыя змяненні ў сферы адукацыі. - Заўвага БЕЛТА). І мяняць правілы гульні пастаянна нельга. Давайце, нарэшце, паставім кропку ў гэтай зацяжной размове і пачнём карпатлівую работу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамлялася БЕЛТА, папярэдні раз размова па пытаннях адукацыі на ўзроўні Прэзідэнта адбылася ў жніўні бягучага года. Тады ў ходзе абмеркаванняў Адміністрацыі Прэзідэнта і Міністэрству адукацыі была пастаўлена задача дадаткова прапрацаваць выкладзеныя ў абноўленых Кодэксе аб адукацыі і Правілах прыёму падыходы да арганізацыі падагульняючай атэстацыі за курс сярэдняй школы і правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ.