9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрэсліць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску з нагоды 72-й гадавіны Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрэсліць. Гэта павінны ведаць у тым ліку і тыя, хто сёння робіць спробы перапісаць гісторыю, адабраць у нашага народа Вялікую Перамогу. Дапусціць гэтага мы не можам", - заявіў беларускі лідар.
"У нашай гісторыі нямала лёсавызначальных дат. Але 9 мая 1945 года асаблівы дзень - Дзень Вялікай Перамогі. Яна заваявана савецкім народам у самай страшнай вайне, бязлітаснай вайне з фашызмам, - адзначыў Прэзідэнт. - Свет быў выратаваны ад карычневай чумы велізарнай цаной. За гады вайны Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва. У адным толькі лагеры смерці Трасцянец пад Мінскам фашысты знішчылі больш за 200 тыс. чалавек. А колькі людзей загінула ў спаленых карнікамі вёсках і разбураных гарадах?!"
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, краіне быў нанесены незаменны матэрыяльны ўрон: знішчаны тысячы прадпрыемстваў, школ, музеяў, бібліятэк, храмаў. "Мы страцілі больш як палавіну свайго нацыянальнага здабытку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.