12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў тры драйверы росту, якія дадуць магчымасць краіне развівацца далей: эфектыўнасць, імпартазамяшчэнне і экспарт. Адпаведную заяву ён зрабіў 12 сакавіка на нарадзе аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі, нарошчванні геолагаразведачных работ, у тым ліку па вуглевадароднай сыравіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша агульная мэта - не толькі вырабляць прадукцыю з максімальным выкарыстаннем айчыннай сыравіны. Ёсць тры кіты, тры драйверы росту, якія дадуць магчымасць нам развівацца далей. Гэта эфектыўнасць, імпартазамяшчэнне і экспарт", - сказаў Прэзідэнт.
Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на недапушчальнасць неабгрунтаванага пасрэдніцтва і ўвозу ў краіну той прадукцыі, якая ўжо вырабляецца ў Беларусі. Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на ўзмацненні якасці работы: "Давайце дамовімся, што ў Год якасці павінны быць перагледжаны ўсе падыходы менавіта да якасці работы. Калі ёсць сістэмныя праблемы, якія патрабуюць умяшання майго, - гаварыце. Рашэнні будуць прыняты неадкладна".
"У эканоміцы няма і не можа быць другарадных тэм, таму што ад яе ўстойлівасці залежыць суверэнітэт нашай краіны і дабрабыт нашага народа. Гэта самае важнае", - рэзюмаваў Прэзідэнт.