15 снежня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. На стварэнне беларускай вакцыны ад каранавіруса можа пайсці Br5 млн. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пытанні вакцынавання грамадзян у Беларусі плануюць ісці трыма шляхамі: у бліжэйшы час закупіць ужо вырабленую вакцыну, каб прышчапіць групы рызыкі, наладзіць у рэспубліцы вытворчасць расійскага прэпарату, а таксама заняцца распрацоўкай уласнай вакцыны.
"Я вельмі рады, што нашы вучоныя замахнуліся на вытворчасць уласнай вакцыны. Упэўнены, што мы ад гэтай заразы (каранавіруса. - Заўвага БЕЛТА) нікуды не дзенемся. Яна застанецца з намі, як грып. Значыць, нам патрэбна будзе вакцына. Трэба сваю распрацаваць, спецыялісты ёсць. Трэба брацца за гэта і не баяцца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Там грошы, я паглядзеў, невялікія: недзе каля пяці мільёнаў рублёў. І мы акупім гэта, толькі трэба хутка рухацца ў гэтым напрамку".
Прэзідэнт упэўнены, што беларускім вучоным гэта пад сілу. Гэта пытанне ў хуткім часе будзе абмяркоўвацца на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы.