29 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. На працягу года-двух у Беларусі зробяць рашучы крок па стварэнні ўмоў для падрыхтоўкі лыжнікаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з удзельнікамі зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2018 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наперадзе міжсезонка. Трэба рыхтавацца. Я ўжо гаварыў аб тым, што мы зробім рашучы крок на працягу года-двух, каб нам на больш значны ўзровень падняць падрыхтоўку лыжнікаў у нашай краіне", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Мы абавязкова пабудуем так званую трубу ў Беларусі. Я хацеў бы, каб гэта было на працягу года зроблена. Ужо цяпер праводзяцца вышукальныя работы. Мы знойдзем сродкі для таго, каб узвесці гэта збудаванне, каб нашы лыжнікі - і спартсмены, і аматары - маглі круглы год займацца на снезе", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён таксама заявіў, што ў Мінску ўжо вызначана месца і ёсць інвестары для ўзвядзення яшчэ аднаго будынка для падрыхтоўкі лыжнікаў з трасай на 1,2 км. "Будзе зроблена ўсё для таго, каб вы маглі рыхтавацца і дастойна выступаць", - падкрэсліў беларускі лідар.