5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калядны турнір аматараў хакея пацвярджае высокую ролю спорту ва ўмацаванні дружбы паміж народамі. Аб гэтым 4 студзеня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця
XI Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.У час цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Правядзенне такога значнага мерапрыемства ў першыя дні новага года з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем высокай ролі спорту ва ўмацаванні дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі".
Прэзідэнт нагадаў, што зусім нядаўна Беларусь прымала чэмпіянат свету па хакеі, які прыцягнуў увагу вялікай колькасці балельшчыкаў. "Менавіта ў Мінску быў устаноўлены новы рэкорд наведвальнасці матчаў чэмпіянату свету, а само першынство прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея назваў лепшым у гісторыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"І сёння ўжо неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод каманд-амаратаў па хакеі, якім стаў мінскі Калядны турнір, мы прадаўжаем своеасаблівую эстафету міжнародных спаборніцтваў і даём старт чарговаму спартыўнаму сезону", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў складзе каманды Прэзідэнта Беларусі прымаў удзел у матчы супраць каманды Славакіі.
Як паведамлялася, каманды з васьмі краін прымуць удзел у
XI Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, які будзе праходзіць у Мінску па 7 студзеня. На турніры ў беларускай сталіцы выступяць акрамя Беларусі каманды Германіі, Латвіі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Славакіі, Фінляндыі і Швейцарыі.На папярэднім этапе турніру каманды згуляюць у двух квартэтах, пасля чаго дружыны, якія занялі ў сваіх групах другія месцы, сустрэнуцца ў матчы за бронзу. Пераможцы груп папярэдняга этапу паспаборнічаюць у фінальным паядынку.
Мінулыя гады пераможцам Каляднага міжнароднага турніру восем разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (у 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013 і 2014 гадах). Двойчы поспех святкавала расійская дружына, якая ў 2007 і 2011 гадах адолела ў фінале беларусаў.
Арганізатарамі цяперашніх спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму, ФХРБ, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Партнёры турніру - кампаніі "Вэлком", "Чысты бераг", "Беларуская калійная кампанія", "Белнафтахім" і ААБ "Беларусбанк". Інфармацыйны партнёр - Белтэлерадыёкампанія.