22 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцае пры неабходнасці выправіць да канца года сітуацыю з дэкрэтам нумар 3. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 18 красавіка журналістам у час рэспубліканскага суботніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер акуратна і ўважліва адсочваецца ўся інфармацыя, у тым ліку ў СМІ, дзе выказваецца некаторая занепакоенасць наконт дэкрэта нумар 3.
"Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб, сапраўды, не дай бог, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак, так званага дармаедства", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Таму не трэба перажываць і напружвацца. Усё будзе нармальна. Калі я падпісаў дакумент, гэта не значыць, што я падпісаў яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб укалоць насельніцтва. Ні ў якім разе. Я проста хачу паступіць як дзяржаўны чалавек, а не як палітык. Таму што ці мне, ці некаму пасля прэзідэнцкіх выбараў трэба ж працаваць. І папулізм тут не да месца. І ўмовы павінны быць роўныя і нармальныя", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што, прапануючы гэты дэкрэт грамадству, зыходзіў з настрояў тых, хто працуе. "Я не кажу, што ён ідэальны. Вы бачыце, я нават не абараняю яго. Мы глядзім, нармальны ён ці не, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Памыліліся - паправім, але трэба даць магчымасць, каб гэты дакумент папрацаваў. А пасля дапрацуем. Дзе памыліліся, мы папросім прабачэння і паправім. Да канца года сітуацыю выправім".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсім, хто хоча зарабіць, будзе дадзена такая магчымасць. "Не хочаш працаваць - заплаці сярэдні падатак", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у Мінску налічваецца 8,5 тыс. вакансій, а беспрацоўнымі лічацца 4,5 тыс. "Дык гэта мы яшчэ паўкроку зрабілі, а сапраўдны дармаед павінен думаць аб тым, што заўтра мы зробім другі крок, каб прымусіць яго працаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.