14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае актыўнасць замежных спецслужбаў на тэрыторыі краіны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у 19-м пасяджэнні Нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і разведвальных службаў дзяржаў - удзельніц СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы бачым актыўнасць замежных спецслужбаў на нашай тэрыторыі. Формы іх работы набываюць усё больш агрэсіўны характар. Да нас закідваюць не проста шпіёнаў, а ўжо агентаў-тэрарыстаў, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Спрабуюць стварыць экстрэмісцкія ячэйкі, фарміруюць нейкія палкі з нашых збеглых, прыцягваюць наёмнікаў".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе не згушчае фарбы, а наадварот, не можа ўсяго адкрыта сказаць у гэтым пытанні: "Вы мяне разумееце. Мы з Расійскай Федэрацыяй, напэўна, ужо дзясяткі два затрымалі груп тэрарыстаў, якія імкнуцца перш за ўсё да тэрарыстычных аперацый на тэрыторыі Расіі і Беларусі".
Сведчанне таго - рэзанансныя акцыі ў Мачулішчах (калі спрабавалі ўчыніць нападзенне на ваенны аэрадром і знішчыць расійскую тэхніку), Гродна, спробы падрыву чыгункі ў розных рэгіёнах краіны. "Для чаго гэта робіцца, тлумачыць вам не трэба", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы бачым вельмі сур'ёзную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, што гэты "санітарны кардон" - на тысячу кіламетраў акно атрымалася. Балкон, акно - хто як называе. Зразумела, што будуць увесь час яго імкнуцца абрэзаць, каб выйсці туды праз Смаленск, як заўсёды, да Масквы. Адкрыта гавару: гэтага дапусціць мы не можам і будзем усяляк са сваімі саюзнікамі прытрымлівацца гэтай лініі", - дадаў беларускі лідар.