17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час размовы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нашы дзверы заўсёды шырока расчынены для добрых людзей. Да разумення гэтага паступова прыходзяць і ў Старым, і ў Новым Свеце. Беларусь ніколі не была парушальнікам спакою ў Еўропе. Больш таго, сёння яна з'яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. "Гэта работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.