31 студзеня, Харарэ /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды ў любой сітуацыі гатова падставіць плячо Зімбабвэ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць такая краіна - Беларусь, якая заўсёды гатова падставіць вам плячо ў любой сітуацыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы вынікі гэтага візіту пакладзём на шалі міру і прагрэсу".
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да жыхароў краіны, адзначыўшы, што сёння буйнейшыя дзяржавы планеты - уладныя людзі - спрабуюць раздзяліць і перадзяліць гэты свет. Яны спрабуюць падпарадкаваць сабе краіны, як Беларусь і Зімбабвэ, атрымаўшы ад гэтага выгады.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што Зімбабвэ багата на карысныя выкапні, а таму спакойнага жыцця гэтай краіне ніхто не дасць. І ў гэтым у тым ліку прычына санкцый. "Санкцыі амерыканцы ўвялі супраць вас не таму, што вы не дэмакратычныя. А таму, што вы вырашылі ўзяць пад кантроль сваю краіну і карысныя выкапні. Вы не пускаеце сюды розных міжнародных прайдохаў і жулікаў, каб яны карысталіся вашымі нетрамі. У гэтым прычына санкцый. Вас зноў, як гэта было ў мінулыя стагоддзі, хочуць паставіць на калені. А Прэзідэнт і ўлада Зімбабвэ гэтага не хочуць. Вось адсюль санкцыі", - сказаў ён.
"Вас будуць моцна расхістваць, каб пасеяць смуту ў вашым грамадстве, вас будуць ставіць на калені. Але вы павінны вытрымаць. І вы вытрымаеце, калі вы будзеце адзіныя, калі не дапусціце ўнутры краіны сутыкнення ўласнага народа з-за нейкіх палітычных амбіцый або ілюзорных абяцанняў Захаду і Амерыкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нам чаго б гэта ні каштавала трэба прайсці гэты складаны перыяд у жыцці нашай планеты. Беражыце мір! Не здолееце гэта зрабіць - зноў трапіце пад каланіяльны прыгнёт".
"Будзьце пільнымі, акуратнымі. Не верце крыкунам, скакунам. Толькі дзякуючы вашай працы вы можаце дасягнуць уласнага дабрабыту", - сказаў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра электаральную кампанію ў Зімбабвэ, якая мае адбыцца летам гэтага года.
Прамова Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова суправаджалася апладысментамі.