27 лютага, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі ва Удмурцкую Рэспубліку шырокага спектра сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, пасажырскай, камунальнай тэхнікі. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Салаўёвым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі лідар канстатаваў, што апошнія гады аб'ём гандлю паміж Удмуртыяй і Беларуссю знізіўся, чаму, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць і аб'ектыўныя прычыны. "Але нас не павінна гэта задавольваць і, зразумела, не задавольвае. Тым больш што дадатковыя магчымасці для актывізацыі супрацоўніцтва прадастаўляе адзіны наш эканамічны саюз, які пачаў працаваць з 2015 года. Накіраваны ён на забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для развіцця супрацоўніцтва краін-удзельніц", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі і Удмуртыі трэба сумеснымі намаганнямі пераадолець існуючую негатыўную тэндэнцыю ва ўзаемным гандлі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў лепшыя часы тавараабарот быў у разы вышэйшы. "Трэба пастарацца замясціць прадукцыю, якой мы тады гандлявалі, гэта ў асноўным экспарт нафтапрадуктаў, прадукцыяй сельскай гаспадаркі, машынабудаўнічага комплексу, таварамі народнага спажывання. Мы гатовы да гэтага", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі шырокага спектра сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, пасажырскай, камунальнай тэхнікі.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі вырабляецца якасная прадукцыя лёгкай, харчовай прамысловасці. Ён выказаў упэўненасць, што ў час наведвання прадпрыемстваў у Беларусі дэлегацыя Удмурцкай Рэспублікі змагла ў гэтым пераканацца.
"Асаблівую ўвагу важна ўдзяліць развіццю вытворчай кааперацыі. Яна дазволіць выкарыстоўваць магчымасць нашага прамысловага, навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага патэнцыялу і дасць неабходны комплексны эфект", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што сведчаннем таго з'яўляецца паспяхова працуючае сумеснае прадпрыемства "Удмуртаграснаб".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і ў Беларусі, і ва Удмуртыі вялікая ўвага ўдзяляецца сельскай гаспадарцы. "У выпадку вашай зацікаўленасці мы можам падзяліцца адпаведным вопытам у сферы вырошчвання і перапрацоўкі шырокага спектра сельскагаспадарчай прадукцыі, у тым ліку лёну", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, доўгатэрміновым павінна стаць супрацоўніцтва ў галіне транспарту, дарожнага будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі, у гуманітарнай сферы. "Думаю, нам трэба знайсці магчымасць выйсці на больш высокую ступень нашага супрацоўніцтва, каб пераадолець негатыўныя тэндэнцыі зніжэння тавараабароту паміж Удмуртыяй і Беларуссю. Агульных падыходаў вельмі многа. Мы гатовы аператыўна разгледзець усе прапановы вашай дэлегацыі і выйсці на канкрэтныя дамоўленасці, якія забяспечаць пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт разлічвае, што візіт дэлегацыі станоўча паўплывае на дынаміку адносін паміж Беларуссю і Удмуртыяй. Кіраўнік дзяржавы гарантаваў, што беларускі бок зробіць усё для выканання раней дасягнутых дамоўленасцей.