30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць неабходнасць у выпрацоўцы краінавых планаў супрацоўніцтва з былымі рэспублікамі СССР. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы ў Мінску з паслом Кыргызстана ў Беларусі Эрмекам Ібраімавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі часта думаю аб узаемадзеянні Беларусі з постсавецкімі рэспублікамі. І на прыкладзе Кыргызстана звычайна прыходжу да высновы, што мы супрацоўнічаем з рэспублікамі, як прыйдзецца. Нешта засталося ад савецкага перыяду. Дапусцім, закуплялі мы ў вас насенне цукровых буракоў. Напэўна, і прадаўжаем гэта рабіць. Нас якасць задавольвае і гэтак далей. Але каб выпрацаваць такі пастаянны план, дарожную карту, як модна гаварыць, супрацоўніцтва Беларусі з рэспублікамі былога Савецкага Саюза - тымі, якія хочуць з намі супрацоўнічаць, - мы так і не падышлі да гэтага", - сказаў Прэзідэнт.
У той жа час з іншымі краінамі, у тым ліку так званай далёкай дугі, такі падыход практыкуецца. "Па асобных краінах прымаем асобныя рашэнні. Дапусцім, дэкрэт Прэзідэнта па Расіі, Кітаі і гэтак далей", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што справа ў падыходзе да супрацоўніцтва з постсавецкімі рэспублікамі: "Яны і так нашы, мы заўсёды з імі наладзім адносіны. А з другога боку, план такі патрэбны".
"І нам у Міністэрстве замежных спраў трэба мець краінавыя планы ўзаемаадносін, асабліва з Кыргызстанам. У нас ёсць што прапанаваць кыргызскай дзяржаве. У іх шмат чаго ёсць што нам патрэбна. І такія сувязі ў нас абавязкова павінны быць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.