14 кастрычніка, Ерэван /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. АДКБ не трэба чакаць прызнання з боку НАТА. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў сваім выступленні на сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў Ерэване, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўсе канстатавалі, што АДКБ ніхто не хоча прызнаваць, асабліва НАТА (ці бачыце, арганізацыя не тая). Я слухаў гэтыя размовы і думаў: калі мы будзем іх прасіць, каб яны нас прызналі, яны ніколі нас не прызнаюць. Нам трэба зрабіць такім чынам, каб прымусіць іх прызнаць нашу арганізацыю", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе працяглых перагавораў лідараў дзяржаў АДКБ у вузкім складзе бакі абмеркавалі шырокі комплекс тэм і правялі прынцыповы аналіз праблемных пытанняў у свеце. "Прытым па перыметры ўсіх граніц - і на заходнім напрамку, і ў Цэнтральнай Азіі, у раёне Афганістана. Абмеркавалі канфлікты і нявырашаныя праблемы, - адзначыў беларускі лідар. - Шчыра прызнаюся, што тыя падрыхтаваныя матэрыялы па прыярытэтах нашага старшынства крыху не цягнуць на той узровень абмеркавання, на які мы выйшлі ў вузкім коле".
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі дамовіліся, што пры ўдзеле генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы будзе вызначана група ваенных і спецыялістаў у іншых галінах. "Прыцягнем да гэтага спецыялістаў перш за ўсё з Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў. І трэба сфармуляваць добрыя прыярытэты, каб наша арганізацыя выйшла на даволі сур'ёзны ўзровень. Каб яе не баяліся, але паважалі, і мы нікога не ўгаворвалі, каб нас прызнавалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прыярытэты маючага адбыцца беларускага старшынства ў АДКБ будуць грунтоўна прапрацаваны і даведзены да кіраўнікоў у краінах арганізацыі, дадаў беларускі лідар. "Лічу, мы штосьці добрае можам прапанаваць нашай арганізацыі ў плане адзінства і паважання з боку контрпартнёраў", - рэзюмаваў ён.