19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. А
цэнка вучэння "Захад-2017" у СНД адназначная, заявіў сёння журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА."У Садружнасці Незалежных Дзяржаў ацэнка вучэння адназначная", - падкрэсліў Сяргей Лебедзеў. Ён нагадаў, што "Захад-2017" - планавае вучэнне, якое, як неаднаразова было заяўлена, ні ў якім выпадку не ўяўляе пагрозы для суседніх і іншых краін. "І гэты ажыятаж (у нас агульная пазіцыя) - штучны. Вучэнне ставіць сабе за мэту ўмацаванне абараназдольнасці адпаведных дзяржаў і Садружнасці ў цэлым, таму што і Расія, і Беларусь - дзяржавы, якія ўяўляюць сабой важны складнік абараназдольнасці ўсёй СНД", - сказаў старшыня Выканкама СНД.
Сяргей Лебедзеў таксама звярнуў увагу, што для назірання за "Захадам-2017" запрошаны шматлікія міжнародныя эксперты, ваенныя аташэ розных краін. "Я глыбока перакананы - на падставе той інфармацыі, якую мы ўжо цяпер атрымліваем аб ходзе вучэння, - яны павысяць баяздольнасць армій нашых дзяржаў, СНД у цэлым. Мы выступаем за мір і гатовы да мірнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў ваеннай сферы", - рэзюмаваў старшыня Выканкама СНД.