25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны артэфакт або помнік архітэктуры паказвае самабытнасць беларускай культуры. Аб гэтым у час выязнога семінара Савета Рэспублікі "Рэспубліка Беларусь: ад вытокаў да сучаснасці" заявіў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, гісторыка-культурная спадчына паказвае глыбіню нашых каранёў. "Кожны артэфакт, дакумент, аб'ект або помнік архітэктуры або археалогіі - важныя элементы гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якія ілюструюць мінулае і паказваюць самабытнасць нашай культуры", - сказаў вучоны.
Вадзім Лакіза адзначыў, што нацыянальныя інтарэсы, якія закранаюць усе сферы жыццядзейнасці асобы, грамадства і дзяржавы, у многім узаемазвязаны з гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчынай краіны. "Яе захаванне і папулярызацыя, безумоўна, важныя, паколькі адыгрываюць значную ролю ў захаванні гістарычнай памяці, фарміраванні гістарычнага светапогляду і ўмацаванні нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Цяпер пытанні гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны ўсебакова вывучаюцца ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў "Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы". У гэтай праграме задзейнічаны 23 арганізацыі і больш як 350 даследчыкаў. Акрамя таго, у мінулым годзе да работы далучыўся Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры, дзе праводзіцца гісторыка-прававы аналіз генацыду беларускага народа ў гады ВАВ", - расказаў ён.
Дырэктар Інстытута гісторыі падкрэсліў, што Беларусь можа ганарыцца сваёй унікальнай археалагічнай спадчынай. Цяпер у дзяржаўным спісе змешчана больш як 5,6 тыс. аб'ектаў культурнай спадчыны, больш за 2,2 тыс. помнікаў археалогіі, а таксама некалькі тысяч аб'ектаў, аб якіх вядома з літаратуры па археалогіі. "У Беларусі знаходзіцца самая буйная калекцыя духавых музычных інструментаў эпохі неаліту. Акрамя таго, ёсць пацвярджэнне, што першыя шахцёры на беларускіх землях з'явіліся ў канцы 3 тысячагоддзя да нашай эры. Да таго ж на тэрыторыі нашай краіны знойдзена вялікае мноства ўнікальных артэфактаў, сярод якіх наканечнікі стрэл ХІІІ стагоддзя, шабля часоў Напалеона Банапарта і іншыя каштоўнасці", - дадаў Вадзім Лакіза.