28 лістапада, Вена /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прадоўжыць паглыбляць дыялог з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА заявіла пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік рэспублікі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына.
"Бягучую сесію арганізацыі мы плануем выкарыстоўваць для пашырэння беларускіх прыярытэтаў у дзейнасці ЮНІДА і прадаўжэння паглыбленага дыялогу з яе кіраўніцтвам па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння, - сказала Алена Купчына. - У ліку абмяркоўваемых перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва - забеспячэнне экалагічнай бяспекі прамысловага развіцця, энергаэфектыўнасць, асаблівыя інтарэсы краін з сярэднім узроўнем даходу. Спадзяёмся, што наша ўзаемадзеянне з ЮНІДА ў выніку атрымае дадатковы імпульс".
У Вене з 27 лістапада па 1 снежня праходзіць 17-я сесія Генеральнай канферэнцыі ЮНІДА. Паводле слоў пасла, у час сесіі падводзяцца вынікі работы ЮНІДА за мінулы двухгадовы перыяд, вызначаюцца асноўныя напрамкі яе праграмнай дзейнасці і ацэньваецца эфектыўнасць узаемадзеяння ЮНІДА з урадамі дзяржаў-членаў, арганізацыямі сістэмы ААН і іншымі міжнароднымі структурамі.