22 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітай прытрымліваецца адкрытай стратэгіі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, выступаючы 22 сакавіка ў Доме дружбы на пасяджэнні маладзёжнага клуба "Юны дыпламат", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тэмай сустрэчы стала роля дыпламатыі ва ўмацаванні дружбы паміж народамі Кітая і Беларусі. Пасол падрабязна спыніўся на асноўных знешнепалітычных прыярытэтах КНР і нагадаў, што Старшыня Кітая Сі Цзіньпін вылучыў шэраг новых канцэпцый і ідэй, якія датычацца перспектыў развіцця краіны і рэгіёна.
На думку дыпламата, Кітай рэагуе на новыя выклікі, якія стаяць перад міжнароднай супольнасцю. КНР свае адносіны з іншымі дзяржавамі будуе на аснове ўзаемапавагі і ўзаемавыгады, прытрымліваецца незалежнай сусветнай знешняй палітыкі.
"Кожная дзяржава і народ павінны карыстацца павагай, усе краіны - слабыя і моцныя, багатыя і бедныя - павінны быць роўнымі. Усе павінны паважаць выбар развіцця іншых краін і не ўмешвацца ва ўнутраныя справы адзін аднаго", - падкрэсліў Цуй Цымін. Пасол лічыць, што дзяржавам і народам неабходна працаваць разам, каб вырашаць праблемы і задачы, і разам карыстацца гарантыямі бяспекі.
У сустрэчы прынялі ўдзел сталічныя школьнікі і гімназісты, якія вывучаюць кітайскую мову, кіраўніцтва таварыства дружбы "Беларусь - Кітай", члены Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, супрацоўнікі пасольства Кітая.