26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць каталіцка-праваслаўны дыялог у Беларусі прыкладам для Еўропы. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, Беларусь з'яўляецца ўзорам па мірным суіснаванні рэлігій, а выстава беларускіх абразоў, якая прадстаўлена ў Ватыкане, якраз дэманструе вынікі доўгай сумеснай работы католікаў і праваслаўных. "Сёння неабходны гэты дыялог, каталіцкая і праваслаўная цэрквы павінны дапамагчы будаваць Еўропу не толькі прававую, але і духоўную. Для іміджу нашай краіны гэта відавочны плюс", - перакананы ён.
Выстава беларускіх абразоў у Ватыкане выклікала вялікую цікавасць з боку наведвальнікаў. Размова аб унікальнай экспазіцыі вялася нават на пленарным пасяджэнні італьянскай канферэнцыі біскупаў, на якой прысутнічаў і мітрапаліт Кандрусевіч, і прадстаўнікі розных еўрапейскіх краін.
Выстава "Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь" адкрылася ў музеі Ватыкана 18 мая. Праз некалькі дзён пасля афіцыйнага адкрыцця яе наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала П'етра Параліна. Кіраўнік беларускай дзяржавы высока ацаніў выставу і выказаў упэўненасць, што гэта толькі першы значны крок у развіцці музейнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам і за гэтай выставай пойдуць многія іншыя цікавыя праекты.
Экспазіцыя, якая ўключае 31 абраз беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аклады, знаёміць італьянскіх спецыялістаў і шматлікіх турыстаў з усяго свету з унікальнымі творамі беларускай сакральнай культуры.
Азнаёміцца з унікальнымі абразамі з калекцыі НММ у Ватыкане можна да 25 ліпеня. Плануецца, што ў канцы верасня бягучага года выстава будзе дапоўнена іншымі каштоўнымі экспанатамі з фондаў НММ і прэзентавана ў Мінску.