3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь разлічвае на фінансавую падтрымку ЕС у рэалізацыі трансгранічных праектаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам на палях Беларускага транспартнага тыдня намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Мы вядзём перагаворы з Еўрапейскім саюзам на ўзроўні Бруселя аб тым, каб падтрымаць у фінансавым плане нашы трансгранічныя праекты", - сказаў віцэ-прэм'ер. Гэты транспартны тыдзень паказвае, што суседнія краіны праяўляюць вялікую цікавасць да сумесных з Беларуссю праектаў.
"Трансгранічнае супрацоўніцтва набірае тэмп. Мы запусцілі электрыфікацыю да Вільнюса, будуем аўтамабільную дарогу М6 да Польшчы, рэалізуем сумесны праект з Украінай і Польшчай у сферы воднага транспарту Е40. Ужо ёсць рашэнні на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў па гэтым праекце, і за кароткі перыяд нам неабходна яго рэалізаваць", - дадаў Анатоль Калінін.
Паводле яго слоў, у канцы кастрычніка - пачатку лістапада плануецца правесці перагаворы з урадам Польшчы аб развіцці транспартных шляхоў дзвюх краін, змяншэнні "вузкіх" месц на польскім баку. Таксама вядуцца перагаворы аб пашырэнні геаграфіі авіяцыйных перавозак, у тым ліку зніжэнні кошту білетаў і павышэнні камфорту пасажыраў. "У наступным годзе плануем набыць два сучасныя паветраныя судны. Акрамя таго, да ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе мы павінны падысці з устойлівымі транспартнымі перавозкамі на электрычнай цязе паміж Мінскам і Вільнюсам", - дадаў намеснік прэм'ер-міністра.
"Сёння мы бачым, што на пляцоўцы транспартнага тыдня дамаўляюцца паміж сабой як аўтамабільныя, так і чыгуначныя перавозчыкі, кааперуюцца ў адзіную лагістычную сетку, абмяркоўваюць перспектывы мультымадальных перавозак. Цяперашні транспартны тыдзень вызначае імкненне кожнай краіны ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва ўнесці свае прапановы. Трансгранічнае супрацоўніцтва - асноўны лейтматыў выстаўкі, якая праходзіць цяпер у Мінску", - рэзюмаваў Анатоль Калінін.
Беларускі транспартны тыдзень праходзіць у Мінску з 3 па 5 кастрычніка. Ён уключае ХІ Міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Транспарт і лагістыка - 2017" і насычаную дзелавую праграму з пленарным пасяджэннем, канферэнцыямі і семінарамі. У час мерапрыемстваў транспартнага тыдня будуць разгледжаны пытанні арганізацыі пасажырскіх перавозак, удасканалення выканання перавозак грузаў, кантэйнерызацыі і эфектыўнага кіравання ў ланцужках паставак, забеспячэння бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту.