28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава высока цэніць актыўную жыццёвую пазіцыю беларускіх ветэранаў. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 30-годдзю ўтварэння Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава падзякавала беларускім ветэранам за актыўную жыццёвую пазіцыю, за тое, што ветэраны рабілі і робяць для працвітання краіны. "У многім дзякуючы вам мы жывём пад мірным небам у такой добрай краіне - у цудоўнай Беларусі, - сказала яна. - Кіраўнік дзяржавы заўсёды высока ацэньвае ўклад прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў развіццё рэспублікі".
Наталля Качанава зачытала прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Беларускаму грамадскаму аб'яднанню ветэранаў у сувязі з 30-годдзем яго ўтварэння. "На рахунку вашай арганізацыі нямала цікавых праектаў, значных мерапрыемстваў і ініцыятыў. Вы ўносіце неацэнны ўклад у падтрыманне стабільнасці і спакою ў нашай краіне, выхаванне падрастаючага пакалення ў духу маральнасці і патрыятызму. Жыццёвы і працоўны вопыт, прафесіяналізм і асабістыя якасці кожнага з вас з'яўляюцца дастойным прыкладам для пераймання", - гаворыцца ў прывітанні.
Наталля Качанава ўручыла ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта актывістам ветэранскага руху.
Старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў (БГАВ) Іван Гардзейчык адзначыў, што прадстаўнікі старэйшага пакалення і надалей застануцца трывалай апорай дзяржавы і грамадства, будуць прымаць актыўны ўдзел у важнейшых палітычных кампаніях, у рэалізацыі мерапрыемстваў органаў дзяржаўнай улады, праграм па сацыяльнай і прававой абароне ветэранаў, а таксама ў грамадзянска-патрыятычным, працоўным, інтэрнацыянальным выхаванні моладзі. "Ветэраны ўносяць свой пасільны ўклад у падтрыманне стабільнасці і спакою ў краіне", - падкрэсліў старшыня савета. Ён дадаў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі ветэранскімі арганізацыямі сваіх статутных мэт і задач.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый рэспублікі, грамадскіх аб'яднанняў, а таксама ветэраны з Беларусі і Малдовы.