13 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. За кошт рэалізацыі беларускіх ініцыятыў у ЕАЭС закладваецца база для далейшага развіцця інтэграцыі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння ў Маскве на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я хачу падзякаваць вам усім за ўсебаковую актыўную падтрымку беларускага старшынства ў ЕАЭС у 2015 годзе, - сказаў Андрэй Кабякоў, звяртаючыся да прэм'ер-міністраў краін саюза. - За кошт рэалізацыі нашых ініцыятыў у саюзе закладваецца база для далейшага развіцця еўразійскай інтэграцыі".
Прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў, што цяпер у ЕАЭС ідзе актыўная работа на знешнім контуры, прычым як на ўсходнім, так і на заходнім вектарах. "Мінуў усяго год функцыянавання, а саюз ужо набывае рысы не проста інтэграцыйнага аб'яднання, - сказаў Андрэй Кабякоў. - І гэта правільны напрамак. Свет ужо нават не дзеліцца, ён раздзяліўся на блокі. Нас акружаюць краіны і аб'яднанні з моцнай эканомікай. Задача ЕАЭС - заняць дастойнае месца сярод іх".
Але, каб уключыцца ў такую работу, ЕАЭС патрэбны моцны фундамент унутры самога саюза, лічыць Андрэй Кабякоў. Менавіта таму Еўразійская эканамічная камісія ў сваёй рабоце павінна зыходзіць з пазіцыі пераемнасці ў вырашэнні задач.