27 ліпеня, Мінская вобласць /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў высока ацаніў якасць аўтамабіляў Geely, што збіраюць у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам пасля тэст-драйва мадэлі Geely Emgrand GT, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дастойная машына. Камфортная, прасторная. Добра аснашчана, што зразумела, паколькі гэта аўтамабіль палепшанай камплектацыі. Добра бяжыць, мякка", - расказаў Андрэй Кабякоў.
Кіраўніку ўрада на прэзентацыйнай пляцоўцы СЗАТ "БелДжы" былі прадстаўлены шэсць мадэлей, якія цяпер збіраюць у Беларусі.
Цяпер СЗАТ "БелДжы" будуе новы завод. Прадугледжваецца, што першы аўтамабіль на гэтым заводзе сыдзе з канвеера ў самым пачатку 2017 года. Як мяркуецца, праектная магутнасць на першым этапе складзе 60 тыс. машын у год. Будуць выпускацца тры мадэлі - два красоверы і седан. "Гэта будуць свежыя мадэлі, навінкі на рынку. Дзякуючы гэтым мадэлям кампанія Geely выйшла на першае месца па продажах. Чарга на гэтыя мадэлі дасягае 2-3 месяцаў", - расказаў галоўны тэхнолаг "БелДжы" Павел Гурэцкі.
Сёння Андрэй Кабякоў знаходзіцца з рабочай паездкай у Мінскай вобласці. Акрамя завода "БелДжы" ў праграме паездкі ААТ "Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў", дзе будуць разгледжаны фінансава-гаспадарчая дзейнасць прадпрыемства і перспектывы яго развіцця. Таксама Андрэй Кабякоў наведае філіял "Лошніца" ААТ "Барысаўскі мясакамбінат", дзе будзе разгледжана пытанне аб ходзе ўборкі ўраджаю ў гаспадарках Мінскай вобласці.