25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мадэрнізаваныя прадпрыемствы ў Беларусі павінны працаваць максімальна эфектыўна. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, адказваючы на пытанні дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ва ўрадзе прынялі рашэнне, зыходзячы з нашых фінансавых магчымасцей: усё, што мае гатоўнасць больш як 80 працэнтаў, прафінансуем у 2015 годзе, дабудуем. У нас рэалізаваны даволі вялікія праграмы мадэрнізацыі ў цэлых галінах. Гэта і дрэваапрацоўка, і малочнатаварныя фермы, і ў будаўнічым комплексе шэраг прадпрыемстваў будуецца. Цяпер галоўная задача ў тым, каб тое, што мы з вамі стварылі, эфектыўна працавала, рэалізоўвалася на экспарт, каб генерыраваўся прыбытак", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, знешнія рынкі няпростыя, сітуацыя змянілася з таго часу, калі пачыналіся рэалізоўвацца некаторыя праекты па мадэрнізацыі. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што магчымасці для таго, каб мадэрнізацыя ўвянчалася поспехам, ёсць.
"Нельга заставацца ў нязменным стане. Мы прадугледжваем у далейшым пытанні дзяржаўнай падтрымкі перавесці на конкурсную аснову. Усе моманты, звязаныя з дзяржпадтрымкай, ільготным крэдытаваннем, пераносім у Банк развіцця. І там ужо будзе не па прынцыпе, каму трэба, а па прынцыпе, хто з лепшымі ўмовамі прыйдзе за гэтымі грашамі, той іх і атрымае. Грошы павінны ісці туды, дзе яны дадуць максімальную аддачу", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.