12 лістапада, Стамбул /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь выбудоўвае адносіны з інвестарамі на міжнародных прынцыпах супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, выступаючы на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Стамбуле, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь выбудоўвае адносіны з інвестарамі на міжнародных прынцыпах супрацоўніцтва, дапускаем прымяненне любога замежнага права і арбітражу, прадастаўляем неабходныя гарантыі. Аб пастаянным паляпшэнні вядзення бізнесу ў Беларусі сведчаць усё больш высокія пазіцыі Беларусі сярод іншых краін у міжнародных рэйтынгах", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён канстатаваў, што ў рэйтынгу "Вядзенне бізнесу-2016" Беларусь займае 44-ю пазіцыю.
Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Беларусь прадастаўляе эфектыўную пляцоўку для дзейнасці інвестараў, кіраўніцтва краіны гатова падтрымаць ініцыятывы для максімальна паспяховай рэалізацыі праектаў. "Практычна ўся тэрыторыя краіны - гэта льготныя рэжымы, якія паспяхова функцыянуюць. Кампаніі могуць знізіць інвестыцыйныя затраты і падатковую нагрузку пры размяшчэнні свайго бізнесу ў рамках свабодных эканамічных зон, Парка высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка "Вялікі камень", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.
Удзел у Беларускім інвестыцыйным форуме прымаюць каля 600 прадстаўнікоў бізнесу і афіцыйныя асобы дзвюх краін. У складзе беларускай дэлегацыі - прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства эканомікі, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальнага банка, ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, СЗАТ "Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка", адміністрацый СЭЗ "Магілёў" і СЭЗ "Гроднаінвест".
Праграма форуму прадугледжвае выступленні афіцыйных асоб Беларусі і Турцыі, правядзенне пленарнага пасяджэння ў фармаце панэльных дыскусій па трох буйных блоках: макраэканоміка, інвестыцыйны клімат, прэзентацыя інвестыцыйных праектаў і пляцовак Беларусі.