29 верасня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/.
Беларусь паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці форуму "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё", перадае карэспандэнт БЕЛТА."Беларусь паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. Сумеснымі намаганнямі мы выпрацоўваем і рэалізуем меры структурнай палітыкі ў эканоміцы і фінансах. Яны выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы праграмных дакументаў краіны на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, у аналагічным ключы прадугледжваецца праводзіць дыялог з бізнес-супольнасцю. "Наш форум сёння - канкрэтнае таго
пацвярджэнне", - запэўніў прэм'ер-міністр.Андрэй Кабякоў канстатаваў, што ў Беларусі сфарміравана нядрэнная заканадаўчая база для прыцягнення замежных інвестыцый. "Значная частка тэрыторыі краіны - гэта функцыянуючыя прэферэнцыйныя рэжымы для размяшчэння бізнесу ў рамках свабодных эканамічных зон, Парка высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка "Вялікі камень", - нагадаў кіраўнік урада.
Форум "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё" праходзіць у Мінску 29-30 верасня. Мэта мерапрыемства - у фармаце адкрытага дыялогу паміж прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Беларусі, міжнародных фінансавых інстытутаў, замежных інвестараў, беларускай улады, нацыянальнага бізнесу і экспертнай супольнасці абмеркаваць актуальныя аспекты інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прыцягнуць увагу патэнцыяльных інвестараў да Беларусі як перспектыўнай пляцоўкі для ўкладання капіталу.
Форум сабраў амаль 300 удзельнікаў. Эксперты абмяркоўваюць стратэгіі прыцягнення замежных інвестыцый у Беларусь, перспектывы інвестыцыйнага супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі ЕС, Еўразійскага эканамічнага саюза і Кітая, а таксама магчымасці для прыцягнення да ўдзелу ў рэалізацыі праектаў амерыканскіх інвестараў і іншыя актуальныя пытанні.
Плануецца выпрацаваць дарожную карту, якая задасць асноўныя напрамкі ўзгодненых дзеянняў па паляпшэнні інстытуцыянальнага асяроддзя для пашырэння магчымасцей па прыцягненні інвестыцый і фінансавання, што пасадзейнічае развіццю дзяржаўнага і прыватнага сектара беларускай эканомікі.