13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць мэтазгодным адмовіцца ад стварэння выбарчых участкаў за мяжой і прадаставіць у такіх выпадках людзям магчымасць галасаваць праз інтэрнэт. Такое меркаванне яна выказала ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 24", паведамляе БЕЛТА.
У Беларусі не плануюць напярэдадні выбараў мяняць выбарчае заканадаўства, у тым ліку ўводзіць галасаванне па пошце або праз інтэрнэт. Але калі ў перспектыве папраўкі ўсё ж будуць уносіцца, то Лідзія Ярмошына, паводле яе слоў, "прапанавала б не ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой - пры пасольствах, а прадастаўляць магчымасць галасаваць менавіта праз інтэрнэт".
"Галасаванне за мяжой не задавальняе патрэбнасці для ўдзелу ў выбарах. Грамадзяне цяпер перамяшчаюцца па ўсім свеце", - растлумачыла яна.
Старшыня ЦВК адзначыла, што ў Беларусі інфармацыйныя тэхналогіі служаць для інфармавання выбаршчыкаў і ўсіх удзельнікаў выбарных кампаній. Неабходную інфармацыю яны могуць узяць на спецыяльных рэсурсах, распрацаваны электронная карта выбарчых акруг, мабільны дадатак, які дапамагае па дамашнім адрасе вызначыць свой участак для галасавання і пракласці зручны маршрут да яго.