31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур'янаў адзначае пэўную нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносін. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
"Беларусь заўсёды была зацікаўлена ў падтрыманні з ЗША паўнацэнных партнёрскіх адносін. Нават у самыя складаныя для беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння гады нашы краіны не спынялі супрацоўніцтва па пытаннях забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі і прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў. Апошнім часам за кошт узаемных намаганняў адносіны паміж нашымі краінамі паляпшаюцца. Ёсць падставы гаварыць аб пэўнай нармалізацыі адносін", - сказаў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, прадаўжаецца ўзаемадзеянне паміж беларускімі і амерыканскімі праваахоўнымі органамі, наладжваюцца міжрэгіянальныя сувязі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі, культуры і адукацыі. У 2014 годзе ў Нью-Ёрку прайшоў Беларускі інвестыцыйны форум з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі. Магілёў і Х'юстан падпісалі пагадненне аб партнёрстве. Упершыню ў гісторыі беларуска-амерыканскіх адносін Беларусь назначыла ў ЗША сваіх ганаровых консулаў.
"У разрад прыярытэтных выходзіць для Беларусі супрацоўніцтва з ЗША ў галіне гандлю і інвестыцый. Беларускі бок зацікаўлены ў атрыманні доступу беларускіх вытворцаў да плацежаздольнага і ёмістага амерыканскага рынку, а таксама магчымасці прыцягнення інвестыцый, развіцця вытворчай кааперацыі і атрымання крэдытных рэсурсаў", - дадаў Аляксандр Гур'янаў.