3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" назваў тры ўмовы незалежнасці, паведамляе БЕЛТА.
Ён адзначыў, што ўся гісторыя чалавецтва па вялікім рахунку - барацьба за незалежнасць. "Нехта з вялікіх сказаў, што незалежнасць вельмі цяжка заваяваць, вельмі няпроста ўтрымаць і вельмі лёгка страціць. Таму ўсё, за што мы змагаемся, - за захаванне незалежнасці", - сказаў Раман Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што незалежнасць - гэта не проста сцяг, герб, армія. "Гэта ў першую чаргу магчымасць жыць так, як вызначыць народ, жыць на сваёй зямлі, па тых законах, якія мы самі для сябе вызначым", - дадаў ён.
"Для незалежнасці вельмі важны тры рэчы. Першае - моцны лідар, другое - патрыятызм людзей, трэцяе - квітнеючая эканоміка. Калі ўсе тры (складнікі. - Заўвага БЕЛТА) разам, тады незалежнасць у надзейных руках", - адзначыў Раман Галоўчанка.