23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адкрые новыя магчымасці з дапамогай Мэт устойлівага развіцця. Такое меркаванне сёння журналістам выказала намеснік адміністратара Праграмы развіцця ААН, рэгіянальны дырэктар па краінах Еўропы, СНД і Балтыі Джыхан Султанаглу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сумеснымі намаганнямі ААН і Беларусь змогуць выкарыстоўваць Мэты ўстойлівага развіцця для таго, каб адкрыць новыя магчымасці для партнёрства Беларусі, забяспечваць абарону навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі, забяспечваць належнае дзяржаўнае кіраванне ў імя працвітання кожнага грамадзяніна", - выказала надзею Джыхан Султанаглу.
Яна дадала, што Беларусь адносіцца да групы краін з сярэднім узроўнем даходу, у ёй накоплены значны вопыт і веды. "Мы, рэалізуючы Мэты ўстойлівага развіцця, вітаем, калі краіны, такія, як Беларусь, дзеляцца з іншымі партнёрамі інфармацыяй, сваімі напрацоўкамі і вопытам", - сказала прадстаўнік ААН.
Сёння ў Мінску была падпісана рамачная праграма ААН па тэхнічнай дапамозе Беларусі ў мэтах развіцця на 2016-2020 гады. Джыхан Султанаглу адзначыла, што для Беларусі гэта важны крок. Праграма з'яўляецца другім па ліку дакументам, які вызначае сумесную стратэгію дзейнасці арганізацый сістэмы ААН у Беларусі. Увага ў дакуменце сканцэнтравана на чатырох найбольш важных для краіны галінах: устойлівае эканамічнае развіццё; інклюзіўнае, адказнае і падсправаздачнае кіраванне; захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на прынцыпах "зялёнай" эканомікі; устойлівае развіццё чалавечага капіталу з упорам на ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную абарону.