27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская наступальная аперацыя "Баграціён" паскорыла перамогу над германскім нацызмам. Такое меркаванне журналістам выказаў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч. Ён удзельнічае ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Аперацыя "Баграціён", прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Аперацыя "Баграціён" паскорыла перамогу над германскім нацызмам. Гэта самая вялікая па сваіх маштабах ваенная аперацыя. У ёй былі задзейнічаны сілы не толькі 4 франтоў, але таксама значная колькасць партызанскіх фарміраванняў, якія актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку гэтай аперацыі ў выглядзе рэйкавай вайны. Затым партызанскія атрады ўдзельнічалі ў вызваленні шматлікіх населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі. Тут была разгромлена вялікая групоўка вермахта, якая налічвала 800 тыс. узброеных салдат і афіцэраў. Гэта стала велізарным укладам у Перамогу, далейшае вызваленне Польшчы, пераход на тэрыторыю Германіі і ўзяцце Берліна. Менавіта на тэрыторыі Беларусі быў закладзены фундамент будучай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне", - адзначыў Вячаслаў Даніловіч.
Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Аперацыя "Баграціён" адкрылася сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук і разлічана на два дні. У яе рабоце ўдзельнічаюць каля 500 вядучых вучоных, гісторыкаў, архівістаў з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Германіі, Літвы, Расіі, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, студэнтаў і курсантаў вышэйшых грамадзянскіх і ваенных навучальных устаноў, грамадскіх дзеячаў.
Як падкрэсліў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, у Беларусі робіцца ўсё неабходнае, каб у грамадстве ведалі праўку аб Вялікай Айчыннай вайне. "На месцах баёў, пахаванняў загінулых воінаў і партызан устаноўлены і беражліва захоўваюцца тысячы помнікаў і мемарыяльных комплексаў. Праводзіцца карпатлівая работа па аднаўленні імёнаў тых, хто да гэтага часу ў безыменных магілах. Выдаюцца тысячы кніг, арганізуецца комплекс сацыяльных, навуковых, ваенна-мемарыяльных, пошукавых, культурных, спартыўных і інфармацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў, прызначаных захоўваць і ўмацоўваць гістарычную памяць беларускага народа аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны", - расказаў старшыня Прэзідыума НАН.
Паводле яго слоў, важнае месца сярод такіх мерапрыемстваў займае сённяшні навуковы форум. "У найскладанейшых геапалітычных умовах, калі не спыняюцца спробы фальсіфікацыі і скажэння гісторыі Другой сусветнай для нашай дзяржавы жыццёва важна захаваць для нашчадкаў кожны факт і дэталь - усё, што стала ўвасабленнем духоўнай сілы беларускага народа ў ваенныя гады. Адзначаючы слаўную дату і аддаючы даніну глыбокай павагі гістарычнай памяці народа, мы заўсёды будзем удзячныя тым, хто абараняў і паднімаў з руін нашу Айчыну. Іх ратныя і працоўныя подзвігі натхняюць нас на пабудову моцнай і працвітаючай Беларусі - дзяржавы для народа. Усё, што мы стварылі, ствараем і будзем увасабляць у жыццё, служыць гэтай мэце", - дадаў Уладзімір Гусакоў.
На канферэнцыі будуць разгледжаны такія праблемы, як сучасныя падыходы да асвятлення гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: праблемы гісторыяграфіі і крыніцазнаўства, нацысцкая акупацыйная палітыка ў Беларусі, партызанскі рух і падпольная барацьба на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, савецкае ваеннае мастацтва ў перыяд вызвалення Беларусі (1943-1944 гады), пачатак аднаўлення народнай гаспадаркі БССР, Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа. На палях навуковага форуму арганізавана выстаўка архіўных матэрыялаў, ваеннай літаратуры і тэхнікі, адбудзецца ўрачыстая перадача архіва газеты "Красная Армия" Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі. Перадаваць яе будзе дырэктар нямецкага выдавецтва ENOS Клаус-Дзітэр Цэнтграф.
Арганізатарамі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Аперацыя "Баграціён" з'яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Міністэрства абароны, Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны архіў Беларусі.